ЯКАБСО́НАЎ О́РГАН,
адасоблены аддзел органаў нюху ў наземных пазваночных. Назва ад імя дацкага анатама і фізіёлага Л.Якабсона, які адкрыў яго ў 1811. Ёсць у большасці земнаводных, паўзуноў і млекакормячых. Адсутнічае ў кракадзілаў і птушак. Рудыментарны або адсутнічае ў ластаногіх, некат. рукакрылых, вузканосых малпаў і чалавека. Знаходзіцца каля асновы насавой перагародкі ў выглядзе 2 парных тонкіх трубак, пярэдні канец якіх адкрываецца ў паднябенна-насавы канал або ў насавую поласць. Мяркуюць, што Я.о. прыстасаваны да ўспрымання пахаў корму, а ў млекакормячых і палавых ферамонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)